Сярод іншага Алесь Бяляцкі адказаў,
- чаму ў 2021 годзе вырашыў заставацца ў Беларусі, разумеючы маштаб рэпрэсіяў і маючы папярэдні досьвед палітвязьня,
- як даведаўся аб прысуджэньні яму Нобэлеўскай прэміі,
- ці паўплывала гэта на ягоны побыт у турме, як даведаўся пра напад Расеі на Ўкраіну і ці ўсе вязьні разумелі, хто ў гэтай вайне агрэсар.
- Алесь Бяляцкі таксама выказаў зычэньні тым, хто застаецца ў турмах, тым, хто ў эміграцыі і надалей чакае перамен да лепшага ў Беларусі.
У другой публікацыі прапануем аповед Алеся Бяляцкага пра тое, як ён даведаўся пра вайну Расеі супраць Украіны пры саўдзеле ўладаў Беларусі і ці ведалі ў СІЗА і калёніі, хто агрэсар, а хто ахвяра.
— Алесь, як у 2022 годзе вы даведаліся пра напад Расеі на Ўкраіну? Ці вы ведалі пра тое, што ўварваньне адбывалася і з тэрыторыі Беларусі, што Беларусь уцягнутая?
— Мы былі тады ў СІЗА і ў нашай камэры быў тэлевізар, мы, безумоўна, глядзелі ўсё, што разгортвалася перад пачаткам вайны, і ўжо па самой атмасфэры, па той інфармацыі, якую давалі расейскія прапагандысты ў такіх праграмах, як «60 минут», было зразумела, што непазьбежна насоўваецца вайна. Для мяне гэта стала зразумелым месяца за паўтара да вайны, з пачатку 2022 году. Была Алімпіяда, гэта трохі адсунула час пачатку вайны, былі звароты да Пуціна — не пачынай, пакуль ідзе Алімпяда. Як яна скончылася, то пачаліся ваенныя дзеяньні.
Усё гэта было драматычна — вельмі і трагічна — вельмі. Было зразумела, што ідзе вельмі агрэсіўная спроба адраджэньня расейскай імпэрыі, пра што я гаварыў дзясяткі разоў перад гэтым, згадваючы грузінскую вайну, Прыднястроўе і само звужэньне дэмакратычнага поля, дэмакратычных магчымасьцяў для працы палітычных партыяў, грамадзкіх арганізацыяў. У Расеі гэта адбывалася год за годам. Таму калі пачалася вайна, гэта было страшна і трагічна. Я разумеў, што гэта адаб’ецца на нашым лёсе вельмі моцна. Але што мы там маглі зрабіць? Толькі глядзець і старацца атрымаць, вывудзіць хоць нейкую інфармацыю, слухаючы, чытаючы паміж радкоў. Што беларускія навіны, што расейскія — яны давалі з свайго пункту погляду. Інфармацыя пра тое, што расейскія войскі прайшлі празь беларускую мяжу, зьявілася ў расейскай перадачы «60 минут» фактычна адразу, яны паказвалі гэтыя кадры — як танкі праходзілі празь беларускія памежныя пераходы на тэрыторыю Ўкраіны, і хтосьці там зь беларускіх памежнікаў ці мытнікаў здымаў гэтыя танкі.
Потым зьявілася інфармацыя пра ракетныя ўдары з тэрыторыі Беларусі. Потым зьявіліся незразумелыя і неапраўданыя абгрунтаваньні Лукашэнкі, што мы, маўляў, бараніліся такім чынам, бо па нас хацелі стукнуць, што гэта быў наш папярэдні ўдар — глупства нейкае. Стала зразумела, што мы ў гэта ўлазім усё больш і больш. Я зь вялікім непакоем і трывогай думаў пра тое, што, ня дай Бог, Беларусь уцягнуць шырокамаштабна, калі беларуская армія будзе вымушаная браць удзел у гэтых падзеях. Улічваючы, што часткова і Жытомірская вобласьць, і Кіеўская былі акупаваныя, падключэньне беларусаў было б страшнай трагедыяй, бо вайсковыя канфлікты, войны не залечваюцца і не забываюцца людзьмі. Мы ведаем, наколькі добра ўкраінцы ставіліся да беларусаў усе дзесяцігодзьдзі да вайны. Але калі пачынаецца вайна, агрэсія з боку Беларусі супраць Украіны, залячыць гэтыя шнары будзе немагчыма яшчэ дзесяцігодзьдзямі. Яны і зараз ёсьць, але маглі б быць вельмі страшнымі — тое, што застаецца пасьля вайны на дзесяцігодзьдзі.
Думаю, што гэта ў пэўнай ступені спыніла і Лукашэнку — апроч таго, што ён выдатна разумеў, што тады поўдзень Беларусі будзе таксама атакаваны, пагараць і НПЗ у Мазыры, і заводы ў Берасьці. Тут яшчэ і эканамічны момант адгуляў сваю ролю, бо аб палітычных наступствах яны часам думаюць у апошнюю чаргу. Але небясьпека поўнага ўцягненьня Беларусі ў поўнамаштабную вайну, агрэсію была на працягу некалькіх гадоў. Толькі ў апошнія месяцы Лукашэнка запяяў ужо па-іншаму: што мы мірная краіна, што мы хочам міру. Гэта дае спадзяваньні, што да заканчэньня гэтай страшнай вайны Беларусь ня будзе поўнамаштабным яе ўдзельнікам.
— Ці зьвярнулі вы ўвагу, Алесь, што большасьць вызваленых 13 сьнежня беларускіх палітвязьняў вывезьлі ва Ўкраіну і адвозілі іх у аўтобусах, якія выкарыстоўваюць пры абменах палоннымі?
— Калі мы паміж сабою там гэта абмяркоўвалі (хоць было забаронена, але палітычныя вязьні знаходзілі магчымасьць падтрымаць кантакты паміж сабою), то вельмі часта гучала, што мы палонныя. Мы палонныя падчас знаходжаньня ў калёніі — з улікам таго, што ў Беларусі ўсе гэтыя гады было і працягваецца неабвешчанае ваеннае становішча. Мы паміма сваёй волі апынуліся ў ролі палонных, не прызнаных фармальна, але тым ня менш. Таму і ўсе гэтыя працэдуры нашага вызваленьня вельмі часта нагадваюць вызваленьне ваеннапалонных. А як мяне везьлі з калёніі з завязанымі вачыма, калі я нават ня мог зарыентавацца, куды мяне вязуць з гэтых Горак — ці ў Расею, якая там побач, ці яшчэ куды? Я мог толькі здагадвацца, куды мы едзем. Усе гэтыя нюансы паказваюць, што ў пэўным сэнсе палітычныя зьняволеныя, якія зараз знаходзяцца ў беларускіх турмах, а там яшчэ сядзіць больш за 1000 чалавек, і ўвесь час адбываюцца новыя арышты, адных выпускаюць, другіх набіраюць, — усе фактычна палонныя гэтага рэжыму. Мы не былі простымі зьняволенымі, мы знаходзіліся ў сытуацыі поўнага бяспраўя.
— Ва Ўкраіне была дыскусія, у якой некаторыя вызваленыя беларускія палітвязьні не маглі адназначна сказаць, хто напаў, хто агрэсар. Ці вам там, у калёніі, было зразумела, хто адказны за гэтую вайну?
— Мне цяжка гаварыць за іншых палітзьняволеных, бо гэта вельмі розныя людзі, вельмі шырокі спэктар. Часам гэта вельмі простыя людзі, якія ня маюць вышэйшай адукацыі, палітычнага досьведу, шмат для каго ўдзел у масавых пратэстах, якія былі ў нас у 2020–21 гадах, — увогуле першы палітычны досьвед. Я не бяруся судзіць або даваць ацэнкі, але што тычыцца тых зьняволеных, зь якімі я меў кантакты, то, безумоўна, мы ўсе выдатна ўсё разумелі — хто ёсьць агрэсар, і ў якой сытуацыі знаходзіцца Ўкраіна, і чаму для Лукашэнкі важна было, каб Расея перамагла Ўкраіну, каб там зноў быў савецкі мордар.
Бо ён баяўся, як і Пуцін баіцца, прыкладу станоўчай дэмакратычнай трансфармацыі суседняй краіны, які мог бы стаць заразным узорам для Расеі і для Беларусі. Яны гэтага страшна баяцца. Як у XVIII стагодзьдзі Прусія, Расея і Аўстрыя дзялілі Рэч Паспалітую, то адна з прычын была (Кацярына ІІ пісала пра гэта), што мы, Вялікае Княства Літоўскае, беларусы ў тым ліку, — рассаднік дэмакратычнай заразы, нам гэта не трэба. Гэтая агрэсія XVIII стагодзьдзя фактычна паўтарылася і зараз — таму і Лукашэнка браў у гэтым удзел. Бо для захаваньня таталітарнай, постсавецкай сыстэмы ім трэба пашырэньне яе поля.
А для нас, для дэмакратычнай часткі беларускага грамадзтва, надзвычай важна, каб Украіна заставалася незалежнай дзяржавай, дэмакратычнай дзяржавай, дзяржавай — сябрам Эўрапейскага Зьвязу. Тады і ў нас зьяўляюцца пэрспэктывы адбіцца ад гэтай расейскай імпэрыі, захаваць сваю незалежнасьць і ўрэшце рэшт стаць часткай эўрапейскай супольнасьці. Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца і сытуацыя зараз значна горшая, чым яна калі-небудзь была — і заканадаўча, і вайскова, і ядзерная зброя, і зьмена так званай Канстытуцыі, калі Беларусь ня стала нэўтральнай дзяржавай, — усё накіравана на тое, каб захаваць на Беларусі існуючую ўладу, сыстэму улады, каркас гэтай постсавецкай сыстэмы. Але гэта будуецца на пяску, на зыбкай аснове, бо побач ёсьць зусім іншы прыклад. Побач будзе незалежная Украіна, сябра Эўразьвязу, калі ўкраінцы даб’юцца, а я ў гэта веру, тых мэтаў і задачаў, якія зараз стаяць перад украінскім грамадзтвам.
Уявіце сабе: Беларусь з усіх бакоў будзе акружана краінамі Эўразьвязу. Гэта зусім іншая сітуацыя, нават чым была перад 2020 годам. Вось чаму агрэсары пачыналі гэтую вайну. Я ўжо не кажу «Ўкраіна — сябра NATO», гэта пад пытаньнем, асобнае пытаньне. Уплыў Эўрапейскага Зьвязу будзе, і, хоць улады Беларусі імкнуцца спыніць гэты ўплыў, ён будзе непераадольны. Для нас страгэгічна важна, каб Украіна перамагла ў гэтай вайне, стратэгічна перамагла. Гэта цяжка, са стратай тэрыторыяў, але стратэгічна яны перамагаюць, бо Пуцін не дабіваецца свайго. А мэта яго — зьнішчыць гэтую краіну.
Як гэтага не разумець, даючы камэнтары «а што гэта за вайна», «а хто выйграе», — я ня ведаю, як гэта зразумець. Значыць, людзі не займаюцца ніякім аналізам. У турме інфармацыя абмежаваная, але ты ж глядзіш расейскую тэлевізію, ты глядзіш нейкія факты, якія там адбываюцца, а з гэтых фактаў, адкідваючы камэнтары, ты сам можаш рабіць высновы, што там адбываецца, вось і ўсё.
Хто такі Алесь Бяляцкі
Беларускі праваабаронца, грамадзкі дзеяч, літаратуразнаўца. Заснавальнік і кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна», палітычны зьняволены.
- Нарадзіўся 25 верасьня 1962 году ў гарадзкім пасёлку Вя́ртсіля ў Карэльскай АССР, дзе ў той час працавалі ягоныя бацькі-беларусы. У 1965 годзе сям’я вярнулася ў Беларусь, у Сьветлагорск.
- У 1984 годзе Алесь скончыў гісторыка-філялягічны факультэт Гомельскага ўнівэрсытэту, працаваў настаўнікам у Лельчыцкім раёне.
- Служыў у савецкім войску ў Сьвярдлоўскай вобласьці РФ мэханікам-кіроўцам браняванага цягача.
- У 1986–1989 гадах быў заснавальнікам Аб’яднаньня маладых літаратараў «Тутэйшыя».
- У 1989 годзе скончыў асьпірантуру Інстытуту літаратуры Акадэміі навук Беларусі.
- З 1989 да 1998 году працаваў дырэктарам Літаратурнага музэю Максіма Багдановіча.
- У 1991–1996 гадах быў дэпутатам Менскага гарадзкога савету дэпутатаў.
- У 1996 годзе заснаваў праваабарончую арганізацыю «Вясна»
- 4 жніўня 2011 году быў затрыманы — яго абвінавацілі «ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў». 23 лістапада асуджаны на 4,5 года пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці.
- У 2012 годзе ў Бібліятэцы Радыё Свабода выйшла кніга Валера Каліноўскага «Справа Бяляцкага».
- 21 чэрвеня 2014 году быў датэрмінова вызвалены з Бабруйскай калёніі.
- За 25 гадоў сваёй дзейнасьці быў адзначаны шматлікімі прэміямі і ўзнагародамі: швэдзкай прэміяй імя Пэра Ангера, прэміяй Свабоды імя Андрэя Сахарава, прэміяй Homo Homіnі, якую ўручаў Вацлаў Гавэл, прэміяй Нарвэскага зьвязу пісьменьнікаў «За свабоду слова», прэміяй Дзярждэпартамэнту ЗША, прэміяй Леха Валэнсы, прэміяй імя Пэтры Кэлі, прэміяй Вацлава Гавэла ад ПАРЭ, прэміяй «За правы чалавека і вяршэнства закону» ды іншымі.
- Пяць разоў вылучаўся на Нобэлеўскую прэмію міру.
- Алесь — аўтар кніг «Прабежкі па беразе Жэнэўскага возера», «Асьвечаныя Беларушчынай», «Халоднае крыло радзімы», «Іртутнае срэбра жыцьця», «Бой з сабой», «Турэмныя сшыткі» (Менск, 2018, «Вясна»).
- 14 ліпеня 2021 году быў затрыманы паводле крымінальнага абвінавачаньня, у яго дома і ў офісе «Вясны» адбыліся ператрусы.
- Усяго за актыўную грамадзкую і праваабарончую дзейнасьць прыцягваўся да судовай адказнасьці больш за 20 разоў. Прызнаны палітычным зьняволеным.
- 7 кастрычініка 2022 году Алесю Бяляцкаму прысудзілі Нобэлеўскую прэмію міру.
- 3 сакавіка 2023 году Бяляцкага пакаралі 10 гадамі пазбаўленьня волі. Яго асудзілі разам з калегамі: праваабаронцамі Валянцінам Стэфановічам і Ўладзімерам Лабковічам.
- З моманту арышту ў ліпені 2021 году Бяляцкі меў вельмі абмежаваныя зносіны з сваёй сямʼёй, адвакатам і навакольным сьветам.
- Адбываў пакараньне ў папраўчай калёніі нумар 9 у Горках.
- Датэрміновы вызвалены і вывезены ў Літву 13 сьнежня 2025 году.
Форум