Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Адных заахвочваюць, іншых запалохваюць. Як улады Беларусі рыхтуюцца да Ўсебеларускага сходу


Інфармацыйна-рэклямныя стэнды аб правядзеньні Усебеларускага народнага сходу каля Палаца Рэспублікі
Інфармацыйна-рэклямныя стэнды аб правядзеньні Усебеларускага народнага сходу каля Палаца Рэспублікі

18-19 сьнежня ў Менску адбудзецца пасяджэньне VII Усебеларускага народнага сходу (УНС). Свабода паглядзела, як улады мабілізавалі ўсе рэсурсы напярэдадні Ўсебеларускага народнага сходу, які называюць «унікальным інстытутам улады».

Апошнія некалькі тыдняў пра падрыхтоўку да чарговага прапагандысцкага мерапрыемства і тэмах абмеркаваньня на ім актыўна паведамляюць усе дзяржаўныя СМІ — ад раёнак да агульнадзяржаўных выданьняў.

Знаёмства з дэлегатамі ў стылі «Насустрач зьезду КПСС»

Публікацыі мясцовых і агульнадзяржаўных выданьняў, у якіх прадстаўляюць выбраных дэлегатаў на сход, маюць надзвычай патасны характар, падобны на той, як гэта адбывалася ў савецкія часы перад зьездамі Кампартыі СССР.

Сярод дэлегатаў — ня толькі прадстаўнікі кіраўніцтва амаль усіх дзяржаўных органаў і ўладнай вэртыкалі, а і недзяржаўных арганізацый, на якія цяпер абапіраюцца ўлады — Беларускі саюз жанчын, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, партыя «Белая Русь» і яе моладзевыя арганізацыі, праўладная Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі і гэтак далей.

Прапсэкт Незалжнасьці ў Менску перад пасяджэньнем УНС
Прапсэкт Незалжнасьці ў Менску перад пасяджэньнем УНС

Іх разбавілі працаўнікамі сельскіх гаспадарак і прамысловых прадпрыемстваў, студэнтамі, дырэктарамі школ і настаўнікамі, шматдзетнымі бацькамі, а таксама сьвятарамі і манахамі.

У сваіх інтэрвію дэлегаты сярод іншага расказваюць, што «ў Беларусі эканоміка працуе на чалавека», «дзяржава ня проста давярае моладзі, а і верыць у яе», «мы ідзем ухвальваць лёсавызначальныя для краіны рашэньні», «УНС — голас народу», «упэўненасьць у заўтрашнім дабрабыце і спакоі», «традыцыйныя каштоўнасьці — прыярытэт разьвіцьця краіны».

Усяго на сходзе будзе 1 200 дэлегатаў.

Перад сходам дзяржаўны Беларускі інстытут стратэгічных дасьледаваньняў правёў апытаньне ў межах праекту «Народная пяцігодка», якім стварылі ўражаньне шырокага прыцягненьня грамадзян у абмеркаваньне шляхоў разьвіцьця краіны. Праўда, яго вынікаў не апублікавалі, а дакумэнты, якія будзе ўхвальваць УНС, рыхтавалі адпаведныя міністэрствы і ведамствы.

На вуліцах больш рэклямы УНС, чым навагодніх атрыбутаў

Вуліцы Менску ўпрыгожылі дзяржаўнымі сьцягамі Беларусі і інфармацыйнымі стэндамі ў чырвона-зялёным выкананьні аб правядзеньні Ўсебеларускага народнага сходу. Сьцягі вісяць на адміністрацыйных будынках, крамах, на навучальных установах.

Банэр УНС на будынку пэдунівэрсытэту ў Менску
Банэр УНС на будынку пэдунівэрсытэту ў Менску

На плошчы Незалежнасьці дамінуе не навагодняя ялінка, ва ўпрыгажэньні якой таксама больш чырвонага колеру, а палітычны банэр, разьмешчаны на пэдагагічным унівэрсытэце.

У чырвона-зялёных сьцягах і ўвесь праспэкт Незалежнасьці.

Каго будуць ахоўваць групы супрацьдзеяньня дронам і сапёры

За два дні да сходу міністар унутраных спраў Беларусі Іван Кубракоў сабраў на інструктаж усю менскую міліцыю. Увесь асабовы склад пераводзяць на ўзмоцнены рэжым нясеньня службы.

Інструктаж міліцыянтаў, якія будуць аховаць грамадзкі парадак
Інструктаж міліцыянтаў, якія будуць аховаць грамадзкі парадак

Паводле яго слоў, абстаноўку будуць адсочваць «без перапынку» пры дапамозе рэспубліканскай сыстэмы маніторынгу грамадзкай бясьпекі, сапёрна-піратэхнічных груп, груп супрацьдзеяньня бесьпілётнікам і інтэрнэт-маніторынгу. ДАІ будзе забясьпечваць бясьпеку руху дэлегатаў і кантраляваць дарожную абстаноўку.

Усе аб’екты, якія задзейнічаныя для правядзеньня сходу, таксама возьмуць пад кругласутачную ахову.

На дзяржаўнай тэлевізіі палохаюць тэрактамі

16 сьнежня на тэлеканале АНТ выйшаў чарговы прапагандысцкі фільм, у якім расказалі, як «беглыя» з-за мяжы плянавалі справакаваць паніку сярод насельніцтва праз арганізацыю ілжывых званкоў аб замінаваньні школ, лякарняў, электрастанцый, дзяржаўных арганізацый і іншых устаноў.

Арганізатарам назвалі беларускага актывіста Андрэя Павука, які знаходзіцца ў Літве. Ён раней тэлефанаваў беларускім чыноўнікам і задаваў ім нязручныя пытаньні. Яго абвясьцілі ў вышук за так званы «экстрэмізм», а мужчыну, якога той нібыта наняў для рэгістрацыі SMS-картак, затрымалі і цяпер пагражаюць яму пазбаўленьнем волі на тэрмін да 10 гадоў.

У размове з Свабодай блогер Андрэй Павук цалкам зьняпраўдзіў сваю датычнасьць да расказанай гісторыі і назваў яе «мешанінай», дзе ўсё прыдумана.

«Ды там і голас ня мой гучыць, можа штучным інтэлектам зроблены? І ўсё прыдумана нелягічна — нейкая каша, мешаніна. Толькі не магу зразумець навошта мяне туды ўплялі? Можа ў іх злодзеі закончыліся, усіх перасаджалі па турмах за экстрэмізм, таму пра мяне ўзгадалі? Ня ведаю. Калі хочуць напалохаць людзей, дык трэба нешта больш пераканаўчае прыдумляць», — сказаў Свабодзе Андрэй Павук.

Андрэй Павук. Архіўнае фота
Андрэй Павук. Архіўнае фота

Ён адзначыў, што пра правядзеньне ў Менску УНС ён даведаўся толькі з гэтага фільму, таму ня мог нешта плянаваць супраць «гэтага нікому не цікавага мерапрыемства».

Андрэй Павук паведаміў, што размаўляў па тэлефоне зь міністрам інфармацыі Маратам Маркавым і рэзка выказаўся наконт сюжэту ОНТ.

«Так, наўпрост яму ўсё сказаў, што думаю пра гэта», — пацьвердзіў Андрэй Павук.

Паводле блогера, пачуўшы ягоны голас Маркаў спачатку разгубіўся.

«Разгубіўся, а потым адказаў нешта такое, маўляў, ты сам вінаваты і кінуў слухаўку», — згадаў пра тэлефонную размову з міністрам Андрэй Павук.

Паводле Павука, Маркаву ён званіў на нумар, які ведаў з колішніх «наўпроставых ліній».

Улады абвясьцілі, колькі замежных журналістаў прыедуць на УНС

Міністэрства інфармацыі Беларусі паведаміла, што высьвятляць рабоу УНС будуць 454 прадстаўнікі СМІ — 356 ад 23 беларускіх і 39 — ад 12 «вядучых міжнародных» СМІ.

У ведамстве перакананы, што такая колькасьць журналістаў дазволіць забясьпечыць «максымальна поўную і аб’ектыўную карціну» другога пасяджэньня VII Усебеларускага народнага сходу.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG