Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вы церпіце ад агрэсіі і цалкам маеце рацыю». Беларускія палітвязьні ў размове зь Зяленскім запэўнілі яго ў сваёй падтрымцы Ўкраіны

абноўлена

Марыя Калесьнікава і Віктар Бабарыка на прэсавай канфэрэнцыі ва Ўкраіне 14 сьнежня
Марыя Калесьнікава і Віктар Бабарыка на прэсавай канфэрэнцыі ва Ўкраіне 14 сьнежня

Размова прайшла раніцай 15 сьнежня празь відэасувязь.

З прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім размаўлялі Ўладзь Лабковіч, Максім Знак, Марыя Калесьнікава, Марына Золатава, Віктар Бабарыка, Аляксандар Фядута.

Пасьля вызваленьня зь беларускіх турмаў 13 сьнежня іх вывезьлі ва Ўкраіну.

«Вельмі цаню добрыя словы пра Ўкраіну і ўкраінцаў і выразную, прынцыповую пазыцыю што да расейскай агрэсіі. Гэта важна. Украіна і надалей будзе дапамагаць усім, хто дапамагае нам абараняць незалежнасьць і жыцьцё людзей», — напісаў Зяленскі пасьля гутаркі.

Пазьней зьявіўся поўны запіс 18-хвіліннай размовы прэзыдэнта Ўкраіны з вызваленымі беларускімі палітвязьнямі.

Марыя Калесьнікава ў часе гутаркі падкрэсьліла, што «цалкам падтрымлівае Ўкраіну ў яе барацьбе за свабоду і сувэрэнітэт», і сказала, што яе сэрца — з народам Украіны.

«Мы ўяўляем, як гэта неймаверна цяжка, калі ў стане вайны, калі адбываецца такая масаваная атака і агрэсія з боку Расеі, як цяжка вам з гэтым даваць рады, і вы ўсё ж знаходзіце магчымасьць нас падтрымліваць, Вялікі вам сардэчны дзякуй», — сказала Калесьнікава.

Віктар Бабарыка ў сваю чаргу заявіў, што акты агрэсіі супраць сувэрэннай дзяржавы і грубыя парушэньні міжнароднага права абсалютна непрымальныя ў сучасным сьвеце.

«Некаторая няпэўнасьць, якая прысутнічае ў нашых выказваньнях, — назавем гэта посттурэмны шок. Паверце, усе мы адзіныя ў ацэнцы гэтых падзеяў. Вы пакутуеце, вы церпіце ад агрэсіі і вы цалкам маеце рацыю: свабода і людзі, якія аддалі свае жыцьці за гэтую свабоду, яны павінны перамагчы. І яна пераможа», — сказаў у размове Віктар Бабарыка.

14 сьнежня на прэс-канфэрэнцыі ў Чарнігаве Віктар Бабарыка і Марыя Калесьнікава не змаглі наўпрост назваць вінаватых у вайне Расеі супраць Украіны і падтрымаць беларускіх добраахвотнікаў. Іхныя абцякальныя дыпляматычныя адказы ў многіх выклікалі неадназначную рэакцыю.


Прэм’ер-міністарка Літвы Інга Ругінене паразмаўляла з Бабарыкам, Знакам і Калесьнікавай

«Мела магчымасьць паразмаўляць зь лідэрамі беларускай апазыцыі Марыяй Калесьнікавай, Віктарам Бабарыкам і Максімам Знакам — палітычнымі зьняволенымі, вызваленымі зь беларускай турмы, дзе іх ніколі не павінна было быць.

Адміністрацыя Прэзыдэнта ЗША зрабіла калясальную працу, дзякуючы якой яны могуць вярнуцца да сваіх семʼяў.

Агульная колькасьць несправядліва зьняволеных людзей у Беларусі на сёньня складае больш за 1100 чалавек. Нават адзін палітычны зьняволены — гэта занадта шмат», — напісала Інга Ругінене ў сетцы X.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG