Абавязковая платная дэзынфэкцыя транспарту на беларускай мяжы прыносіць мільёны прыватнай фірме. Але працэдура ня здольная стрымаць распаўсюд небясьпечных вірусаў і інфэкцый. БРЦ разабраўся, хто і як ператварыў дзяржаўную функцыю ў прыбытковы бізнэс, грошы ад якога папаўняюць кішэню «кашалька» Аляксандра Лукашэнкі.
Два рублі за кожны аўтамабіль, 30 рублёў за аўтобус і 120 — за грузавік. Такія тарыфы на дэзынфэкцыю на момант публікацыі дзеюць для транспарту, што ўяжджае ў Беларусь.
Беларуская станцыя дэзынфэкцыі — гэта кароткі тунэль на дарозе за памежным кантролем. Аўтамабіль праяжджае праз рамку, чуйнікі аўтаматычна актывуюць распыляльнікі, якія апырскваюць машыну дэзынфэкцыйнай расчынай пад ціскам. Кіроўца павінен перад заездам зачыніць вокны і адключыць вэнтыляцыю салёну, заставацца ў машыне ў час апрацоўваньня. Працэс доўжыцца каля 10 сэкундаў. Для негабарытнай тэхнікі прадугледжаны асобны праезд: такія машыны апрацоўваюць часткова ўручную, апісвае працэс БРЦ.
Гэты мэтад, аднак, ня мае сэнсу, заявіў хімік-фармацэўт Сяргей Бесараб, якога расьсьледнікі запрасілі пракамэнтаваць працэс:
«Эфэктыўнасьць любой дэзынфэкцыі рэзка зьніжаецца пры наяўнасьці арганічных забруджваньняў (бруд, перагной, рэшткі расьлін). <…> Вірусы, асабліва ўстойлівы АЧС (афрыканская чума сьвіней — рэд.), таксама знаходзяцца менавіта ў кавалках бруду на колах і пад крыламі аўтамабіляў. Таму на рэжымных аб’ектах увагу аддаюць у першую чаргу апрацоўцы колаў, машыны праяжджаюць праз адмысловыя канавы-дэзбар’еры. Простае апырскваньне бруднай машыны на хаду — гэта пародыя на дэзынфэкцыю, прытым пародыя прымітыўная, разьлічаная на інфантыльных малаадукаваных гледачоў. Такі падыход у прынцыпе не гарантуе кантакту дэзынфэктанта з узбуджальнікам».
Якія кампаніі за гэта адказваюць і якая сувязь з Лукашэнкам?
Будаўніцтва адмысловых стацыянарных станцыяў дэзынфэкцыі даручылі фірме ТАА «БелГлобалГарант». Кампанію прызначылі апэратарам, адказным за этапнае ўзьвядзеньне і эксплюатацыю дэзбар’ераў, а таксама за стварэньне электроннай сыстэмы ўліку абавязковых аплатаў. Паводле ўказу Лукашэнкі, «БелГлобалГарант» павінна фінансаваць пабудову ўсіх аб’ектаў за ўласны кошт, а вяртаць выдаткі — праз збор аплаты за дэзынфэкцыю на мяжы.
За «БелГлобалГарант» стаіць асабісты трэнэр Лукашэнкі ў тэнісе і ягоны «гаманец» Сяргей Цяцерын. У чэрвені 2021 году ЭЗ увёў супраць яго асабістыя санкцыі. За некалькі тыдняў да гэтага Цяцерын выйшаў са складу заснавальнікаў кампаніі — такім чынам «БелГлобалГарант» пазьбег эўрапейскіх абмежаваньняў. Аднак ужо ўвесну наступнага году ў кампаніі стварылі новы орган кіраваньня — раду дырэктараў. Амаль адразу ў яе ўвайшоў і сам Цяцерын, захаваўшы ўплыў на дзейнасьць фірмы. Цяпер кіроўцы ў тым ліку з эўрапейскіх краінаў, што ўвялі супраць яго санкцыі, аплочваюць праезд празь беларускую мяжу кампаніі «гаманца» Лукашэнкі.
Да будовы станцыяў дэзынфэкцыі далучыўся ЗАТ «Белзамежбуд», у 2022 годзе пераназваны ў ЗАТ «ВіяСЭТрэйд». Гэтая кампанія прынамсі з 2007 па 2022 гады была зьвязаная з іншым набліжаным да ўладаў прадпрымальнікам — Віктарам Шаўцовым (летам 2024-га, пасьля выхаду расьсьледаваньня БРЦ пра яго манаполію на выраб ахоўных галяграмаў, бізнэсовец трапіў пад санкцыі Эўразьвязу і Швайцарыі за атрыманьне «выгады з рэжыму Лукашэнкі»). Ён кантраляваў фірму праз сваё ЗАТ «Банк „Рашэньне“». «Белзамежбуд» меўся распрацаваць праект станцыяў дэзынфэкцыі.
Сам Шаўцоў у адказе на ліст ад БРЦ прызнаў, што «Белзамежбуд» («ВіяСЭТрэйд») займаўся распрацоўкай праектнага рашэньня камэраў дэзынфэкцыі, і нават падаў суму кантракту — 25 тыс. рублёў ($9,7 тыс.). Пры гэтым бізнэсовец падкрэсьліў, што ўсе далейшыя работы ажыцьцяўлялі іншыя кампаніі.
Іншыя падрабязнасьці — у поўным тэксьце расьсьледаваньня.
Форум