У сваім допісе на Linkedin Аркадзь Добкін сказаў, што наступіў «дзень, якога многія чакалі».
У ліку вызваленых як мінімум чатыры беларускія праграмісты, піша devby:
- 39-гадовы Аляксандар Яшкін з Горадні. У пачатку 2024 году Горадзенскі абласны суд прыгаварыў яго да 4 гадоў калёніі агульнага рэжыму ў абвінавачаньні ў ахвяраваньнях, закліках да захопу ўлады і г.д;
- 49-гадовая праграмістка Натальля Давыдка, выпускніца Менскага радыётэхнічнага інстытуту, якую затрымалі ў студзені 2024 году, абвінавацілі ў садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці і інш., а затым асудзілі да пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму;
- 34-гадовая праграмістка Анастасія Жыльская. Працавала ў Exadel, была затрыманая ў верасьні 2024, абвінавачаная ў закліках да санкцый, распальваньні варожасьці і інш. Паводле артыкулаў абвінавачваньня магла быць асуджаная на тэрмін ад 4 да 12 гадоў;
- 37-гадовы праграміст Віктар Мека. Ствараў карыстальніцкія гульні і моды для Dota 2. Быў затрыманы ў лютым 2025 году, паводле артыкулу аб закліках да дзеяньняў супраць нацыянальнай бясьпекі і асуджаны на 2 гады калёніі агульнага рэжыму.
13 сьнежня пасьля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з спэцыяльным пасланьнікам ЗША ў справах Беларусі Джонам Коўлам вызвалілі 123 чалавекі — палітычных зьняволеных. Як паведамілі дзяржаўныя СМІ, Лукашэнка памілаваў 123 асобы — грамадзян розных краін, асуджаных у Беларусі «за злачынствы рознай накіраванасьці — шпіёнскую, тэрарыстычную і экстрэмісцкую дзейнасьць».
Сярод іх грамадзяне Вялікай Брытаніі, ЗША, Літвы, Украіны, Латвіі, Аўстраліі, Японіі.
Ва Ўкраіне паведамілі, што ўлады Беларусі перадалі Ўкраіне 114 грамадзян, у тым ліку 104 грамадзян Беларусі. Сярод іх — Павал Севярынец, Марыя Калесьнікава, Віктар Бабарыка, Максім Знак і Марыя Золатава.
Форум