Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 16 сьнежня: асудзілі праграміста з Полацку, папоўнілі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў


Менскі абласны суд. Ілюстрацыйнае фота
Менскі абласны суд. Ілюстрацыйнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

За «садзейнічаньне экстрэмізму» асудзілі Рамана Басалая, які працаваў праграмістам, паведаміла «Вясна».

Раману Басалаю 43 гады. Ён выпускнік Полацкага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, вучыўся ў асьпірантуры.

Доўгі час мужчына працаваў інжынэрам-праектавальнікам сетак, а зь сьнежня 2023 году ўладкаваўся распрацоўнікам у кампанію Passat Innovations.

Рамана Басалая затрымалі ў красавіку. Менскі абласны суд прызнаў яго вінаватым паводле частак 1 і 2 артыкулу 361‑4 Крымінальнага кодэксу («садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці»), за што пагражае да 7 гадоў зьняволеньня. Прысуду Басалаю праваабаронцы пакуль ня ведаюць, але не выключаюць, што гэта пазбаўленьне волі.

Старонкі ў «Аднакласніках» «Радыё Свабода» — у сьпісе «экстрэмісцкіх» матэрыялаў

У сьпісе «экстрэмісцкіх» матэрыялаў — чарговае папаўненьне. У яго дадалі:

  • Telegram-канал ZOŁAK;
  • Instagram старонкі politicalprisonersbelarus, mnbelarus, mn_vilnia;
  • Старонкі ў Facebook «Беларусы Страсбурга», «Беларусы в Лодзи / Białorusini w Łódzkim»;
  • Старонка ва «Укантакце» «Бинокль. Журнал о Бресте»;
  • YouTube-каналы «ИНФОVESTI», «ЗЕРКАЛО», «Грошi»;
  • Сайт і старонкі ў сацыяльных сетках арганізацыі ForumCiv;
  • Старонкі ў «Аднакласніках» «Радыё Свабода», «валентина наумова»;
  • TikTok-старонкі belarus_1, belarussapraudny, svoj.tutejsy, syn.taho.kraju, alex.yuruts.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG