Пасьля публікацыі Свабоды пра беларуса Канстанціна Каліноўскага, які ўпаў з вышыні падчас працы, зламаў руку і зьбірае грошы на апэрацыю, сталі вядомыя новыя зьвесткі. Мы зьвярнуліся па камэнтары ў BelPol і паўторна да героя артыкулу.
Судзілі за наркотыкі
Як паведаміла выданьне «Наша ніва», Каліноўскага двойчы судзілі за наркотыкі. Першы раз — у 2015 годзе.
«Мінакі выклікалі хуткую чалавеку ля пад’езда, які быў пад кайфам. У бальніцы хуткай дапамогі ў яго пры сабе знайшлі наркотыкі Альфа-РVР і выклікалі міліцыю — Чыслава-малодшага асудзілі на 3 гады калёніі», — піша «Наша ніва».
У дакумэнтах хлопца спачатку звалі Кастусь Чыслаў (прозьвішча бацькі), а з 2010 году — Канстанцін Каліноўскі (прозьвішча маці). Паводле Вікіпэдыі, ягоны бацька Сяргей Чыслаў у 2012 годзе памяняў прозьвішча на «Бульба».
Паводле гэтага ж выданьня, у траўні 2021 году Канстанціна Каліноўскага зноў затрымалі за наркотыкі, а менавіта за мэфэдрон, завялі на яго крымінальную справу, але не пасадзілі. Пасьля чаго Канстанцін нейкім чынам аказаўся ва Ўкраіне.
Прадстаўнік ініцыятывы былых сілавікоў BelPol Уладзімер Жыгар пацьвердзіў Свабодзе інфармацыю «Нашай нівы» пра перасьлед Каліноўскага за наркотыкі. Таксама ён адзначыў, што ня мае інфармацыі аб палітычных рэпрэсіях у дачыненьні да Каліноўскага.
Канстанцін Каліноўскі раней у размове са Свабодай не расказаў пра тое, што быў за кратамі за наркотыкі. Свабода паўторна зьвярнулася па камэнтар да яго. Каліноўскі пацьвердзіў гэты факт. Але, зь ягоных словаў, ён быў асуджаны ў 2016 годзе (а не ў 2015) «за траву на руках» — марыхуану (а не за больш цяжкі сынтэтычны наркотык Альфа-РVР), і далі яму тры гады «хіміі з накіраваньнем» (а не калёніі). Суразмоўца адзначае, што год правёў у зьняволеньні, а рэшту тэрміну знаходзіўся дома, на выпраўленча-працоўных работах.
Пра затрыманьне пасьля 2020 году Каліноўскі кажа, што не памятае, калі дакладна гэта было: у 2020 ці 2021 годзе. Адзначае, што яго затрымлівалі некалькі разоў. Пагаджаецца, што яго маглі затрымаць у траўні 2021, як паведамляла «Наша ніва».
«Мяне першы раз прымалі, дапытвалі наконт бацькі (Сяргея Бульбы. — РС), наконт „Белага легіёну“, наконт таго, што я стэлефаноўваўся падчас пратэстаў, што я ўдзельнічаў у пратэстах. Затрымалі, па-мойму, недалёка ад дома. Напэўна, таму што калісьці бацька арганізацыю („Белы легіён. — РС) узначальваў, і, напэўна, таму, што я нейкае дачыненьне да гэтай арганізацыі меў. Напэўна, таму, што калі пратэсты ішлі, я стэлефаноўваўся зь людзьмі з гэтай арганізацыі, сустракаліся, каапераваліся“», — расказвае Канстанцін.
У якім статусе ён быў падчас перашага затрыманьня, Канстанцін не адказаў. Кажа, што яму тады прад’яўлялі незразумелыя абвінавачаньні.
«Другі раз калі мяне затрымалі, тады мне наркаты падсыпалі», — расказвае Канстанцін.
Ён дадае, што наркотыкі яму нібыта падсыпалі супрацоўнікі міліцыі. На удакладняючае пытаньне запэўнівае, што гэта былі не ягоныя наркотыкі.
«Тады мяне зьбілі сем чалавек, мяне тады катавалі, пасадзілі адразу на Акрэсьціна, потым на Жодзіна. Тры месяцы я сядзеў на Жодзіна. Калі мяне прывезьлі на Жодзіна, адразу быў агляд цела. Паглядзелі на мой стан, на маё сіняе цела. Сказалі пісаць расьпіску пра тое, што я ўпаў на бардзюр, калі выходзіў з дому, таму ніз цела ў мяне ўвесь сіняга колеру», — працягвае ён.
Канстанцін кажа, што зьвяртаўся потым з заявай на сілавікоў, якія яго зьбівалі, каб іх прыцягнулі да адказнасьці. Яму адмовілі. Каліноўскі даслаў Свабодзе пастанаўленьне аддзела міліцыі Фрунзенскага раёну Менску пра тое, што яны правялі праверку і адмаўляюцца заводзіць крымінальную справу за цялесныя пашкоджаньні ў Каліноўскага. Фота дакумэнта ёсьць у рэдакцыі.
Канстанцін, як і раней, кажа, што браў удзел у пратэстах 2020 году, хаця судзілі яго за наркотыкі. На просьбу Свабоды ён даслаў дзесяткі фота і відэа з пратэстаў 9 і 23 жніўня 2020 году, дзе відаць зблізу шэрагі сілавікоў са шчытамі і пратэстоўцаў. На іх няма самога Каліноўскага, але чуваць голас, падобны да ягонага, які крычыць з выклікам і лаянкай, імаверна, да сілавікоў.
У сьпісах праваабаронцаў, а таксама ў ранейшых публікацыях у мэдыя няма зьвестак пра палітычны перасьлед Канстанціна Каліноўскага за пратэсты.
«Потым мне далі чатыры гады „хіміі з накіраваньнем“. Потым я паехаў ва Ўкраіну. У мяне была падпіска аб нявыезьдзе. Я тады схадзіў у пашпартны стол, аказваецца, забароны на выезд у мяне не было. Я ў любым выпадку зьбіраўся выяжджаць: афіцыйна ці неафіцыйна», — расказвае Свабодзе Канстанцін Каліноўскі.
Ён адзначае, што выяжджаў ва Ўкраіну праз Расею. Калі ён выяжджаў зь Беларусі, Канстанцін не памятае. Мяркуе, што або ў канцы 2020 году, або ў пачатку 2021. На заўвагу, што ў траўні 2021 году яго затрымлівалі ў Беларусі, ён адказвае, што, значыць, выехаў пасьля гэтага затрыманьня, калі выйшаў з СІЗА.
Каліноўскі, зь ягоных словаў, каля двух месяцаў правёў на базе тэрытарыяльнай абароны «Азоў» у Кіеве ў пачатку поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну. Пасьля ён сышоў, як ён тлумачыў раней, праз канфлікт з штабам у яго і ў ягонага бацькі.
Як піша «Наша ніва», «гэтыя мутныя падрабязнасьці (імаверна, гаворка пра затрыманьне за наркотыкі і выезд зь Беларусі пасьля прысуду. — РС), а таксама прыхоўваньне фактаў біяграфіі і паставілі кропку на баявой кар’еры» Каліноўскага.
Канстанцін Каліноўскі ў чарговай размове са Свабодай удакладніў, што яму не падабалася, што ў Штабе беларускай роты, якую стварылі на базе «Азова», «здымалі ролікі для сеціва замест таго, каб рабіць нейкае дзеяньне», да таго ж там забаранілі ўжываць шаўрон «Белага легіёну», а таксама «была прапаганда непрыязьні супраць майго бацькі», Сяргея Бульбы.
«З часам, пасьля некаторых падзей, я вырашыў перайсьці ва ўкраінскае падразьдзяленьне. Мяне папрасілі прайсьці паліграф. Мне хаваць няма чаго, я пагадзіўся», — расказвае Каліноўскі.
Ён апісвае, што некалькі разоў мянялі час правядзеньня паліграфа. Пасьля таго, як ён прайшоў паліграф, яго адтуль забралі байцы ўкраінскага падразьдзяленьня. Са словаў Каліноўскага, яму адмовілі ў палку Каліноўскага, каб ён мог прыехаць туды і забраць свой рыштунак, але прывезьлі яму рыштунак самі.
«Праз тыдзень быў званок. Той, хто тэлефанаваў, прадставіўся супрацоўнікам Службы бясьпекі Ўкраіны, сказаў, што мне часова трэба пакінуць Украіну. Я сказаў, што нікуды не паеду. Мне пагражалі, што калі я не пакіну Ўкраіну, мяне закінуць „на падвал“ і я пакатаюся па ўкраінскіх турмах. Праз нейкі час я даведаўся, што двое маіх пабрацімаў дэпартавалі і забаранілі ім уезд ва Ўкраіну. Сярод іх быў Васіль Верамейчык („Пацук“)», — расказвае Каліноўскі.
Васіля Верамейчыка затрымалі ў Віетнаме ў 2024 годзе, перадалі ў Беларусь. Там яго асудзілі на 13 гадоў калёніі за тое, што ён ваяваў на баку Ўкраіны ў складзе ПКК.
Ён адзначае, што зьехаў тады і паўторна спрабаваў трапіць ва Ўкраіну, у Другі інтэрнацыянальны легіён, з паперай з часткі. Аднак яго не пусьцілі і паставілі забарону на ўезд да 25 кастрычніка 2025 году.
Мэдыцынскія дакумэнты
Што датычыць інфармацыі пра траўму і лекаваньне, то пры падрыхтоўцы папярэдняй публікацыі Канстанцін Каліноўскі на просьбу Свабоды прадаставіў фота мэдыцынскіх дакумэнтаў. Яны ёсьць у рэдакцыі.
Сярод іх — інфармацыйная карта лячэньня пацыента варшаўскай клінікі, Канстанціна Каліноўскага, паводле якой ён трапіў у шпіталь 6 чэрвеня 2025 году і правёў там некалькі дзён. Карта апісвае, якія траўмы атрымаў пацыент, як яго абследавалі і лекавалі. Гэтая інфармацыя супадае з тым, што расказваў Канстанцін Свабодзе.
Таксама ён даслаў у рэдакцыю копію дамовы зь іншым варшаўскім шпіталём на паўторную апэрацыю на руцэ. Дамову заключылі сёлета ў сярэдзіне лістапада. Кошт апэрацыі ацэньваецца ў 33216 злотых.
Бацька Канстанціна, Сяргей Бульба, — былы вайсковец, адзін з заснавальнікаў БНФ і вайскова-патрыятычнага клюбу «Белы легіён», які потым узначальваў. У 1999 годзе адказваў за ахову Віктара Ганчара, палітычнага апанэнта Аляксандра Лукашэнкі. Зьехаў ва Ўкраіну ў 2013 годзе. Пазьней пераехаў у Польшчу. Быў удзельнікам скандалу з «Беларускім моладзевым хабам». Ягоны сын, Канстанцін Каліноўскі, адзначае, што ён сам дачыненьня да хаба ня меў.
Форум