Вядома, што частка зь іх застанецца ў Польшчы, частка паедзе ў Літву. Усе прайшлі пасьпяхова мяжу.
Экс-палітвязьняў уначы сустракалі валянтэры, журналісты, дыпляматы.
Аўтобус у Варшаве сустракалі і сваякі некаторых былых палітвязьняў. У прыватнасьці Марыю Калесьнікаву сустрэла яе сястра Тацяна Хоміч. Яны ня бачыліся 5 гадоў.
Сямейнікі былой галоўнай рэдактаркі партала Tut.by Марыны Золатавай чакалі яе ў Варшаве з кветкамі. Палітвязьні дзякавалі за людзкае стаўленьне да іх украіскага боку.
Павал Латушка, які вітаў экс-палітвязьняў, сказаў журналістам, што створаны каардынацыйны штаб, у які ўваходзіць шмат пазаўрадавых арганізацый, удзельнічае таксама Аб’яднаны пераходны кабінэт, праваабарончыя арганізацыі:
«Важна аказаць першую дапамогу, першае цяпло перадаць гэтым людзям, якія пяць гадоў былі за кратамі, якіх катавалі за кратамі, якія зараз у цяжкім псыхічным стане. Яны будуць жыць зараз у гатэлі, пазьней будуць прапанаваныя шэлтэры, можа нейкія кватэры, дзе яны маглі б большы час знаходзіцца. Зразумела, што будзе аказвацца псыхалагічная, мэдычная дапамога, з харчаваньнем, з вопраткай. Дзякуй усім беларусам, за тое, што сабралі такую вялікую суму сродкаў для дапамогі палітвязьням.
Мы размаўлялі з міністэрствам замежных спраў Польшчы ўчора позна ўвечары і казалі, што, на жаль, працэдуры легалізацыі зараз даволі працяглыя ў Польшчы, што вельмі важна знайсьці выхады, каб прысьпешыць гэтыя працэдуры, каб як мага хутчэй людзі маглі легалізавацца, гэта пытаньне сацыялізацыі, гэта пытаньне працаўладкаваньня, гэта пытаньне нармальнага жыцьця. Я спадзяюся, што бліжэйшымі днямі ў мяне адбудзецца сустрэча ва ўправе замежнікаў і мы будзем абмяркоўваць магчымыя шляхі паскарэньня гэтай працэдуры. Гэта прыярытэтна і вельмі важна».
Тым часам ідзе збор грошай на прытулак для групы беларускіх экс-палітзьняволеных, якія прыбылі з Украіны ў Польшчу, пра што паведаміў музыка і арганізатар культурніцкіх імпрэзаў Сяржук Доўгушаў.
Цяпер трэба за 2 дні сабраць 5000 эўра, каб прытулак мог запрацаваць. Дзякуючы ахвярадаўцам, на памяшканьне ўжо сабралі 1000 эўра.
У час апошняй хвалі вызваленьня 13 сьнежня з вязьніцаў выйшлі 123 палітвязьні. Большая частка зь іх была адпраўленая ва Ўкраіну, а Алеся Бяляцкага прывезьлі ў Літву.
У групе былі прадстаўнікі палітычнай апазыцыі Віктар Бабарыка і Марыя Калесьнікава, іхны паплечнік Максім Знак, праваабаронца-вясновец Уладзь Лабковіч, палітоляг Аляксандар Фядута, палітык Павал Севярынец і іншыя.