Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мужчыны з чырвонай памадай. Як і чаму яны далучыліся да флэшмобу салідарнасьці з Марыяй Калесьнікавай


Міхал, адзін з удзельнікаў флэшмобу. Фота з прыватнага архіву
Міхал, адзін з удзельнікаў флэшмобу. Фота з прыватнага архіву

Пагаварылі з мужчынамі, якія далучыліся да флэшмобу з чырвонай памадай на знак салідарнасьці з вызваленымі палітвязьнямі.

13 сьнежня ў Беларусі вызвалілі і вывезьлі за мяжу групу палітвязьняў — 123 чалавекі. Сярод іх былі Алесь Бяляцкі, Віктар Бабарыка, Марыя Калесьнікава, Максім Знак, Аляксандар Фядута, Уладзь Лабковіч.

Беларускі пачалі выкладаць у Threads фота з вуснамі, пафарбаванымі чырвонай памадай. Чырвоная памада стала сымбалем Марыі Калесьнікавай. Яна карысталася ёю і падчас пратэстаў 2020 году, і, як было вядома, у турме, і на сваёй першай прэс-канфэрэнцыі пасьля вызваленьня таксама ўжыла яе.

Адначасова з жанчынамі да флэшмобу далучыліся мужчыны. Яны выкладалі свае фота і відэа з чырвонай памадай, створаныя ў рэальнасьці або з дапамогай штучнага інтэлекту.

Марыя Калесьнікава ў дзень вызваленьня
Марыя Калесьнікава ў дзень вызваленьня

Канал, блізкі да сілавікоў у Беларусі, апублікаваў некаторыя іхныя фота з подпісам «Дошка ганьбы».

«Для мяне натуральна надзець ружовую кашулю»

Павал Лаўцэвіч расказаў, што ў яго не было ніякіх сумневаў, што варта далучыцца да флэшмобу з чырвонай памадай. Ён пафарбаваў вусны на сваёй ранейшай фатаграфіі з дапамогай ChatGPT і выклаў у сеткі.

«Гэта было маё жаданьне праявіць салідарнасьць, праявіць адкрыта сваю радасьць з прычыны той падзеі, якая адбылася. Думаю, усе дэмакратычна арыентаваныя беларусы чакаюць добрых навінаў. Іх ня так багата апошнім часам. Гэта была навіна, якую нельга было прапусьціць», — кажа ён.

Павал заўважае, што яму было ня гэтулькі цікава ўбачыць рэакцыю, колькі далучыцца да флэшмобу. Пазытыўных рэакцыяў, паводле яго, было больш за 97%.

«Я ўбачыў вялікую падтрымку таго, што я зрабіў. Я ня бачыў у гэтым нейкага подзьвігу. Для мяне натуральна надзець ружовую кашулю. Я ня бачыў у гэтым нейкай здрады нечаму мужчынскаму. Гэта было файна, весела. Спадзяюся, што той, хто ўбачыў гэта, атрымаў асалоду і ўсьміхнуўся так, як і я сам зь сябе», — кажа Павал.

Павал Лаўцэвіч, фота з прыватнага архіву
Павал Лаўцэвіч, фота з прыватнага архіву

Перад тым, як далучыцца да падзеі, ён бачыў у сетках фота іншага мужчыны з чырвонай памадай. Аднак, заўважае суразмоўца, ня гэта было прычынай ягонага ўчынку. Ён адразу сам захацеў гэта зрабіць, але ў першы дзень пасьля вызваленьня палітвязьняў на гэта не было часу.

«Мы каталіся па крамах, рабілі пакупкі. Мне было не да гэтага. А калі я прачнуўся, я зрабіў гэта не выходзячы з ложку. Як толькі змог рабіць, так і зрабіў», — кажа Павал.

Ён дадае, што ў штодзённым жыцьці памадай, як і іншай дэкаратыўнай касмэтыкай, не карыстаецца. Сярод ягонай касмэтыкі для догляду — гель для душу і шампунь.

«Часам жонка спрабуе намазаць мой твар нечым, каб захаваць яго маладзейшым на больш працяглы час», — сьмяецца Павал.

«О, табе пасуе!»

Дзяніс* (імя зьмененае дзеля бясьпекі суразмоўцы. — РС) расказаў, што для яго кожны дзень, калі выпускаюць палітвязьняў, — шчасьлівы дзень. Ён ведаў асабіста Марыю Калесьнікаву да таго, як яна далучылася да каманды Віктара Бабарыкі ў 2020 годзе. Паводле яго, яна стала сымбалем пратэстаў 2020 году.

«Калі Марыю вызвалілі, многія адзначылі яе настрой. Што пяць гадоў, цягам якіх яе не было, не змаглі зламаць яе ўнутраны дух, яе чалавечнасьць, яскравасьць, якая ідзе празь яе твар, вочы, усьмешку. Чалавек выйшаў такі ж натхнёны, напоўнены любоўю да сьвету. Гэта зараджае. Робіць цябе самога больш шчасьлівым і натхнёным», — кажа ён.

Дзяніс убачыў, што ягоныя сяброўкі сталі фарбаваць вусны чырвонай памадай. Ён захацеў таксама паказаць сваю падтрымку Марыі Калесьніrавай.

«Гэта знак салідарнасьці, знак радасьці», — кажа ён.

Марыя Калесьнікава ў жніўні 2020 году ў Менску, архіўнае фота
Марыя Калесьнікава ў жніўні 2020 году ў Менску, архіўнае фота

Суразмоўца дадае, што яму давялося прайсьці празь невялікі ўнутраны дыскамфорт, бо трэба было пераадолець стэрэатыпы таго, як мае выглядаць мужчына.

«Жаданьне далучыцца да гэтага флэшмобу было нашмат большым, чым усе гэтыя стэрэатыпы», — кажа суразмоўца.

Ідэя далучыцца прыйшла да яго ня ў першы дзень вызваленьня, а калі ён убачыў, што мужчыны ў сетках дадаюць стыкеры з чырвонымі вуснамі. Тады ён вырашыў зрабіць відэа, пафарбаваўшы вусны з дапамогай штучнага інтэлекту. Ён дадае, што хацеў бы пафарбаваць вусны сапраўднай чырвонай памадай. Але яе ў яго не было, і не было ў каго пазычыць. Дзяніс адзначае, што звычайна карыстаецца касмэтыкай для догляду, а не дэкарацыйнай.

«Магу і маску для твару зрабіць. Я ня бачу ў гэтым нічога такога», — прызнаецца ён.

Рэакцыя на ягонае відэа была цалкам станоўчай, кажа суразмоўца.

«Нехта казаў: „О, табе пасуе!“ Ніхто не казаў нечага кшталту „гей“ ці нечага такога», — ён адзначае, што кожны мужчына мае права выглядаць так, як хоча.

«Ніякіх праблемаў з чырвонай памадай у мяне няма»

Андрэй Жук, уласьнік бару «Банки-бутылки», кажа, што ўбачыў флэшмоб з чырвонай памадай у Threads. Ён бачыў таксама і фота мужчын з чырвонай памадай, прыкладам, вядоўцы Яўгена Булкі.

«Маша — герой. Чырвоная памада — нейкі сымбаль. Падтрымаць яе. Вельмі клясныя навіны. Я перажываў, што, можа, Маша скажа, што нікуды ня хоча ехаць. Вельмі цешуся за яе. Спадзяюся, яна неўзабаве ўбачыць сваіх блізкіх. Можа быць, мы ў Варшаве ўбачымся. Было б крута!», — кажа ён.

Андрэй дадае, што не вагаўся перад тым, як апублікаваць відэа.

«Нашыя мазгі думаюць крыху інакш. Больш крыўдна за тое, што пісалі пад допісам — вельмі страшныя рэчы, якія ўголас казаць нельга. Мы свабодныя хлопцы. Ніякіх праблемаў з чырвонай памадай у мяне няма», — усьміхаецца суразмоўца.

Чырвоную памаду Андрэй знайшоў дома. У яго ёсьць жонка і дзьве дачкі падлеткавага ўзросту.

«Мне дочкі нафарбавалі вусны», — кажа суразмоўца.

З іхнай сям’і да флэшмобу далучыўся толькі Андрэй. Кажа, што ўсе астатнія сямейнікі яго падтрымалі.

«Мне вельмі Марыя падабаецца»

Міхал (суразмоўца просіць не называць яго прозьвішча - РС) жыве ў Нямеччыне, IT, займаецца крыптай. Фота з чырвонай памадай ён стварыў з дапамогай нэўрасеткі Gemini.

«Мне вельмі Марыя падабаецца. Яе ў Нямеччыне шмат хто ведае. Нямеччына плянуе прымаць яе тут», — тлумачыць ён.

Ён адзначае, што не вагаўся апублікаваць такое фота.

«Я актывізмам займаюся шмат гадоў. Зразумеў, што нэгатыўная тэматыка ня вельмі для нас спрыяльная. Таму нам трэба шукаць пазытыўнае. Я праводжу шмат часу ў Threads. Ведаю, як альгарытм працуе. Калі ўбачыў, што ўсё гэта адбываецца, адпачываў, але хутка зрэагаваў і запосьціў», — кажа суразмоўца.

Марыя Калесьнікава падчас суду ў верасьні 2021 году, архіўнае фота
Марыя Калесьнікава падчас суду ў верасьні 2021 году, архіўнае фота

У яго большасьць сяброў з Заходняй Эўропы, ён вядзе сеткі па-ангельску. Кажа, што людзі не адразу зразумелі, што гэта за флэшмоб, пыталіся, а ён тлумачыў, што ў Беларусі вызвалілі палітвязьняў.

«Некаторыя думалі, што гэта ЛГБТ-акцыя, але я растлумачыў», — кажа суразмоўца.

Міхал заўважае, што былі і нэгатыўныя камэнтары, як ён мяркуе, ад ботаў. Яму гэта было ня вельмі прыемна, але не зачапіла яго моцна.

Ён дзеліцца, што сярод ягонай штодзённай касмэтыкі ёсьць гігіенічная памада і 7-8 крэмаў для твару.

«Больш за ўсё мяне ўразіў размах»

Сяргей Лосеў жыве ў Нямеччыне з 2004 году. Паходзіць з Расеі, Самары. Працуе мэдыкам у навуковым цэнтры дасьледаваньня раку.

Ён расказвае, што ўбачыў у Threads цэлую стужку паведамленьняў пра тое, што ў Беларусі выпусьцілі палітвязьняў. Адначасна паляцелі фатаздымкі жанчын з чырвонай памадай. Кажа, што гэта не пакінула яго абыякавым. Ён пайшоў чытаць навіны, хоць рэдка гэта робіць, каб зразумець, што гэта менавіта значыць.

Сяргей Лосеў, фота з прыватнага архіву
Сяргей Лосеў, фота з прыватнага архіву

Ён апублікаваў сваё фота з чырвонай памадай і тры сэрцайкі — белае, чырвонае, белае. Памады ў яго дома не было. Ён нават хацеў параіцца з знаёмай наконт адценьня памады. Але пасьля працы ў яго не было часу ісьці ў краму. Таму ён зрабіў сэлфі і павялічыў сатурацыю на фота, у выніку атрымаў чырвоныя вусны.

«Гэта быў асэнсаваны ўдзел у самым яркім і самым выдатным флэшмобе, які я калісьці бачыў. Больш за ўсё мяне ўразіў размах», — прызнаецца Сяргей.

Суразмоўца мяркуе, што гэта важна для тых, хто можа ўбачыць гэты флэшмоб і «зразумець, што ты не адзін, нягледзячы на цемру вакол, зразумець, што недзе ёсьць іскры, ёсьць надзея».

«Я быў шакаваны гісторыяй з каліем. Знаёмыя дзяўчаты родам зь Беларусі, раскіданыя па ўсёй Эўропе, па ўсім сьвеце, тут жа кінуліся (публікаваць фота). Я таксама ўбачыў увечары хлопцаў, мужыкоў зь Беларусі, якія таксама падтрымалі флэшмоб. Я падумаў, што гэта супэр, бо гэта пра любоў, а не пра пошласьць. Так, гэта выклік, гэта правакацыя. Але гэта настолькі ад сэрца, што я сказаў: я павінен удзельнічаць», — кажа ён.

Ён адзначае, што нэгатыўныя рэакцыі на ягонае фота былі, але гэта яго ня зачапіла, ён мяркуе, што гэта цана за ўчынак. Ён за гэта і не перажываў. Людзі больш цікавіліся, што гэта значыць, якой краіны сьцяг ён запосьціў.

«За памаду складана прыцягнуць да адказнасьці»

Іван* (імя зьмененае дзеля бясьпекі. — РС) кажа, што нейкі час вагаўся, як ставіцца да навіны пра выправаджэньне групы палітвязьняў, але потым зразумеў, што гэта нагода для супольнай радасьці. Да таго ж, падумаў ён, гэта досыць бясьпечны спосаб паказаць сваю салідарнасьць.

«За памаду складана прыцягнуць да адказнасьці», — мяркуе Іван.

Ён адзначае, што яму падабаецца блытаніна гендэрных зьяваў, калі ён можа паказаць сябе ў незвычайным выглядзе. Кажа, што не разважаў «ні хвіліны», каб апублікаваць фота. Чырвоную памаду ён узяў у жонкі.

Іван заўважае, што большасьць рэакцыяў на ягоны ўчынак былі станоўчыя.

«Прарэжымныя людзі, якія пабачылі гэтую публікацыю, выкарыстоўвалі таксічныя патрыярхальныя ўяўленьні, часткова блатны жаргон, а таксама заявы, што „ты — жанчына“. То бок яны ўяўляюць, што жанчыны нейкія па змоўчаньні горшыя. Гэта ўжо нейкая клініка», — мяркуе суразмоўца.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG