Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За палову сьнежня 2025 году Польшча зафіксавала ў 2,5 разы менш спробаў парушэньня мяжы зь Беларусі, чым летась за той жа пэрыяд


Польскія памежнікі знайшлі падкоп пад мяжой зь Беларусьсю
Польскія памежнікі знайшлі падкоп пад мяжой зь Беларусьсю

З пачатку сьнежня 2025 году Польшча зафіксавала 190 спробаў мігрантаў нелегальна перасекчы мяжу з боку Беларусі — у 2,5 разы менш, чым за аналягічны пэрыяд 2024 году.

Пра гэта сьведчыць аналіз штодзённых зьвестак польскай памежнай службы, праведзены інфармацыйным агенцтвам «Позірк».

Спробы парушэньня мяжы назіраліся толькі па выніках 3-х з 15-ці дзён гэтага месяца (1, 10 і 11 сьнежня — 3, 1 і 186 адпаведна). У першай палове сьнежня летась спробы былі штодзённымі.

Паводле «Позірку», ёсьць імавернасьць, што польскі бок фіксуе спробаў нелегальнага перасячэньня мяжы не з-за зьніжэньня міграцыйнага ціску, а з прычыны зьмены тактыкі мігрантаў.

Напрыклад, найбольшую ў гэтым месяцы колькасьць спробаў пранікненьня — 186 — Польшча зафіксавала ў дзень, калі быў знойдзены падкоп. Не выключана, што падземных шляхоў больш, чым выявілі памежнікі, і мігранты таемна ідуць празь іх, а не спрабуюць штурмаваць польскі плот на мяжы з Беларусьсю.

Літва за 15 дзён сьнежня папярэдзіла 5 спробаў незаконнага перасячэньня мяжы з беларускай тэрыторыі (за той жа пэрыяд летась — 18; зьніжэньне ў 3,6 разы), Латвія — 61 (рост у параўнаньні з адпаведным пэрыядам 2024 году на 42%)

З пачатку году суседнія краіны Эўразьвязу зафіксавалі 42 539 спробаў парушэньня мяжы з боку Беларусі, у тым ліку Польшча — 29 025 (зьніжэньне ў параўнаньні з адпаведным пэрыядам 2024 году на 2.5%), Латвія — 11 902 (рост у 2,2 разы ў параўнаньні з 11.5 месяцаў 2024 году), Літва — 1612 (рост у 1,7 разы).

Міграцыйны крызіс на межах Беларусі і краінаў ЭЗ працягваецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве.

Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў, што беларускія памежнікі ня будуць спыняць нелегальную міграцыю, бо мігрантаў нібыта «паклікалі ў ЭЗ».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Андрэй Аляксандраў Людміла Чэкіна
XS
SM
MD
LG